ІО́ННЫ АБМЕ́Н,

абарачальны працэс стэхіяметрычнага абмену іонамі паміж іанітам і растворам электраліту.

Прынята разглядаць І.а. як гетэрагенную абменную хім рэакцыю, якая характарызуецца канцэнтрацыйнай канстантай раўнавагі (гл. Раўнавага хімічная). Працэс І.а. мае дыфузійны характар. Каэф. дыфузіі іонаў у іанітах (10​−6 см²/с) памяншаецца з павелічэннем зарадаў іонаў і ступені сшытасці іанітаў. Выкарыстоўваюць у цеплавой і атамнай энергетыцы для атрымання абяссоленай вады, у гідраметалургіі пры перапрацоўцы бедных руд каляровых, рэдкіх і высакародных металаў, у аналітычнай хіміі (іонаабменная храматаграфія). Гл. таксама Іонаабменныя смолы.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)